КАШЭ́ВІЦКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства 17 ст. Пабудавана ў 1642 у в. Кашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Спачатку мела глыбінна-прасторавую кампазіцыю, складалася з квадратнага ў плане асн. аб’ёму і 5-граннай апсіды. У 2-й пал. 19 ст. да асн. аб’ёму з З прыбудавана 2-ярусная чацверыковая вежа-званіца з дахам складанай канфігурацыі. Асн. аб’ём завершаны 2-ярусным васьмерыком з цыбулепадобным купалам. Апсіда накрыта шатровым дахам з купалком на глухім барабане. Помнік адметны своеасаблівай сістэмай прапорцый, звязанай са стараж.-рус. архітэктурай.

Ю.А.Якімовіч.

Кашэвіцкая Успенская царква.

т. 8, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)